РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,

часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш. сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп. ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.​Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.

Літ.:

Петриков П.Т. Ревкомы Белоруссии. Мн., 1975.

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)